21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Абвешчаны ён у лістападзе 1999 года рашэннем 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА з мэтай абароны моўнай і культурнай разнастайнасці.
Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. І беларусы не выключэнне. Нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная.
Своеасаблівым падарункам роднай мове стала выстава, падрыхтаваная навучэнцамі 1-ага і 2-ога курсаў. Самабытныя беларускія словы трапілі ў поле зроку нашых мовазнаўцаў. Былі прадстаўлены не проста малюнкі, але і пераклад слоў і словазлучэнняў з рускай на беларускую мову. Увага звярталася на тое, што ў рускай і беларускай мовах хоць і шмат слоў, аднолькавых паводле значэння і гукавога складу, але значная частка лексічных адзінак сучаснай беларускай мовы выяўляе нацыянальную адметнасць мовы беларускага народа.
Калі малюнкі і ілюстрацыі традыцыйна прысутнічаюць на разнастайных выставах у каледжы, то стварэнне самаробных зборнікаў твораў беларускіх пісьменнікаў было наватарскім. Матэрыял да іх неабходна было падабраць, прачытаць, аб’яднаць па задуме ці тэматыцы. А хто захапіўся дызайнам вокладкі, падборам ілюстрацый да сваіх выданняў, удалым размяшчэннем матэрыялу на старонках, то, можна сказаць, ён стаў членам невялікага выдавецтва.
Адзiн дзень — гэта, канешне, нiшто, але ж трэба з нечага пачынаць! Давайце пачнём сёння!
Усё залежыць ад нас, усё залежыць ад жадання кожнага з нас!
Выкладчык беларускай мовы і літаратуры
Шабліцкая Наталля Васільеўна